Гвінея-Бісау
| Рэспубліка Гвінея-Бісау | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| парт.: República da Guiné-Bissau | |||||
| |||||
| Дэвіз: «Unidade, Luta, Progresso» | |||||
| Гімн: «Esta é a Nossa Pátria Bem Amada»[1] | |||||
|
|
|||||
| Дата незалежнасці | 24 верасня 1973[1] (ад Партугаліі[1]) | ||||
| Афіцыйная мова | партугальская (афіцыйная), партугальска-крэольская (крэол)[1] | ||||
| Сталіца | Бісау | ||||
| Найбуйнейшы горад | Бісау | ||||
| Форма кіравання | Паўпрэзідэнцкая рэспубліка (канстытуцыйна), пераходная вайсковая адміністрацыя (з лістапада 2025)[2] | ||||
| Прэзідэнт (пераходны) Прэм’ер-міністр (пераходны) |
Хорта Інта-а[3] Ілідыю Віейра Тэ[2] |
||||
| Тэрыторыя | |||||
| • Агулам | 36 125[1] км² (133-я ў свеце) | ||||
| Насельніцтва Гвінеі-Бісау | |||||
| • Ацэнка (2024) | 2 201 352[4] чал. | ||||
| • Шчыльнасць | 61,0 чал./км² | ||||
| ВУП | |||||
| • разам (2024) | 2 218,39 млн долараў ЗША[5] дол. | ||||
| • На душу насельніцтва | 1 007,7 долара ЗША[6] дол. | ||||
| ІРЧП (2023) | 0,514[7] | ||||
| Валюта | франк КФА (XOF)[1] | ||||
| Інтэрнэт-дамен | .gw | ||||
| Код ISO | GW | ||||
| Код МАК | GBS | ||||
| Тэлефонны код | +245 | ||||
| Часавы пояс | 0 | ||||
| Аўтамабільны рух | справа[d][8] | ||||
Гвіне́я-Біса́у (парт.: Guiné-Bissau), афіцыйна Рэспу́бліка Гвіне́я-Біса́у (парт.: República da Guiné-Bissau) — дзяржава ў Заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. На поўначы яна мяжуе з Сенегалам, на ўсходзе і поўдні — з Гвінеяй. Сталіца і найбуйнейшы горад — Бісау.[9]
Плошча краіны складае 36 125 км²[1], насельніцтва — 2 201 352 чалавекі (2024)[4]. Афіцыйная мова — партугальская, у штодзённым ужытку шырока распаўсюджана партугальска-крэольская мова (крэол)[1]. Нацыянальная валюта — франк КФА (XOF)[1]. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці, 24 верасня (з 1973 года)[1].
Дзяржава складаецца з мацерыковай часткі і архіпелага Біжагош. Архіпелаг уваходзіць у біясферную сетку ЮНЕСКА (Балама-Біжагош, з 1996)[10], а ў 2025 годзе частка яго прыбярэжных і марскіх экасістэм была ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[11].
Гвінея-Бісау была партугальскай калоніяй (Партугальская Гвінея). Незалежнасць была абвешчана 24 верасня 1973 года, а Партугалія прызнала яе 10 верасня 1974 года.[1] У канцы 2025 года ў краіне адбыўся ваенны пераварот, пасля якога дзейнічае пераходная хартыя і сфарміравана пераходнае кіраўніцтва[2][3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З IX па XIII стагоддзі тэрыторыя Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана, XIII—XV стагоддзях — Малі і Сангай. У 1446 годзе партугальская экспедыцыя на чале з Н. Трыштанам высадзілася на ўзбярэжжы Афрыкі і назвала адкрытыя землі Гвінеяй. У 1466 годзе партугальцы, якія базіраваліся на астравах Зялёнага Мыса, атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У XVII стагоддзі на ўзбярэжжы былі пабудаваны еўрапейскія фарты, якія сталі цэнтрамі гандлю рабамі. Рабы вывозіліся ў асноўным на цукровыя і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Адначасова французскія, англійскія і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і іншыя). У XVII — 1-й палове XIX стагоддзяў усе спробы партугальцаў пракрасціся ва ўнутраныя раёны сканчаліся няўдачай з-за ўзброенага супраціву мясцовых жыхароў. Да 1879 года тэрыторыяй кіраваў губернатар австравоў Зялёнага Мыса, пакуль яна не стала асобнай калоніяй Партугаліі. Па франка-партугальскаму дагавору 1886 года Партугалія захавала за сабой сучасную тэрыторыю Гвінеі-Бісау, саступіўшы шырокія землі Францыі. Насельніцтва ўнутраных раёнаў са зброяй у руках супрацьдзейнічала ўсталяванню каланіяльнага панавання (апошні ачаг супраціву на тэрыторыі Гвінеі-Бісау быў падаўлены ў 1936 годзе). Некалькі партугальскіх кампаній манапалізавалі унутраны і знешні гандаль. Кампаніі скуплялі ў сялян па заніжаных коштах сельскагаспадарчую прадукцыю (земляныя арэхі, плады алейнай пальмы), прадавалі ім спажывецкія тавары. Шырока прымянялася прымусовая праца. На пачатку XX стагоддзя партугальцы захапілі астравы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх былі заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і іншыя.
Пасля Другой сусветнай вайны ў Гвінеі-Бісау ўзмацніўся нацыянальна-вызваленчы рух. У 1951 годзе Гвінея-Бісау атрымала статус «заморскай правінцыі» Партугаліі, у партугальскім парламенце ёй было дадзена адно месца. Толькі нязначная частка «асіміляваных» гвінейцаў (асіміладуш) сталі паўнапраўнымі грамадзянамі метраполіі. У 1953 годзе група маладых гвінейцаў, якія вярнуліся на радзіму пасля вучобы ў Партугаліі, стварыла таемную арганізацыю — Рух за нацыянальную незалежнасць Партугальскай Гвінеі і Астравоў Зялёнага Мыса. У 1956 годзе на яе базе была арганізавана падпольная Афрыканская партыя незалежнасці (АПН).
У 1960 годзе кіраўніцтва партыі прыняло рашэнне аб аднаўленні адзінства народа Гвінеі-Бісау і Каба-Вердэ і аб перайменаванні АПН у Афрыканскую партыю незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК). Генеральным сакратаром быў абраны Амілкар Кабрал. У 1963 годзе ПАІГК пачала нацыянальна-вызваленчую партызанскую вайну. У 1964 годзе партызанскія атрады былі рэарганізаваны ў рэгулярнае войска — Народныя рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы. Да пачатку 1970-х гадоў ПАІГК кантралявала каля ⅔ тэрыторыі Гвінеі-Бісау. У 1972 годзе у вызваленых раёнах прайшлі выбары ў Нацыянальны сход. У 1973 годзе агенты партугальскай разведкі забілі А. Кабрала.
24 верасня 1973 года Нацыянальны сход абвясціў стварэнне незалежнай Рэспублікі Гвінея-Бісау, што было прызнана Генеральнай Асамблеяй ААН.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўтаномны сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984 года. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган Нацыянальны народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзяржаўны савет (15 чалавек). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая частка паверхні нізінная, на захадзе забалочаная. У адгор’і плато Фута-Джалон (вышыня да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрвені-лістападзе, сухі ў снежні-маі. Тэмпература паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на ўсходзе каля 1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, кароткія. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на паўночны ўсход трапічныя лясы (каля 30 % плошчы краіны) і саванны (каля 40 %). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Жывуць народы балантэ (30 %), фульбэ (20 %), манджак (14 %), мандынга (13 %), папель (7 %) і іншыя. Еўрапейцаў і метысаў каля 1 %. Мясцовых традыцыйных культаў прытрымліваецца 65 %, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5 %. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 29 чалавек на 1 км². Найбольш шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25 % насельніцтва.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Guinea-Bissau - The World Factbook (англ.)(недаступная спасылка). CIA The World Factbook. Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2021. Праверана 8 студзеня 2026.
- 1 2 3 Guinea-Bissau's transitional military adopts charter barring leaders from elections. Reuters(англ.). 2025-12-10. Праверана 2026-01-08.
- 1 2 General sworn in as Guinea-Bissau leader in swift coup after disputed vote. Reuters(англ.). 2025-11-27. Праверана 2026-01-08.
- 1 2 Population, total - Guinea-Bissau (англ.). World Bank Data. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ GDP (current US$) - Guinea-Bissau (англ.). World Bank Data. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ GDP per capita (current US$) - Guinea-Bissau (англ.). World Bank Data. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ Human Development Index and its components (англ.). UNdata. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ https://web.archive.org/web/20181225111225/http://chartsbin.com/view/edr
- ↑ Guinea-Bissau (англ.). Encyclopaedia Britannica. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ Bolama-Bijagos - Man and the Biosphere Programme (MAB) (англ.). UNESCO. Праверана 8 студзеня 2026.
- ↑ Coastal and Marine Ecosystems of the Bijagós Archipelago (англ.). UNESCO World Heritage Centre. Праверана 8 студзеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).